РусскийБеларускiEnglish

 

 

Главная | Календарь записей | Архив записей | Гостевая книга | Сервисы

 

Контакты | Настаўнікі МА | Нарматыўна-прававыя дакументы | Для вучняў | Метадычная капілка | Кабінеты МА | Беларусы свету | Сям'я

 

 

Заяц Валерыя, Карпечына Таццяна,Туравец Дар'я

 

Афарыстычныя выслоўі ў навелах Георгія Марчука "Давыд- гарадоцкія каноны"

Георгій Васільевіч Марчук - прызнаны стваральнік афарызмаў, якіх налічваецца каля пяцісот. Таму творы гэтага пісьменніка нагадваюць  сваёй яркай вобразнасцю і народнай мудрасцю  фальклорныя казкі, легенды, паданні. Афарыстычныя выслоўі надаюць і вобразам-сімвалам навел "Давыд-гарадоцкія каноны" сакральнае  значэнне, узнімаюць іх да філасофскага ўзроўню, перадаюць чытачу спрадвечныя законы народнай маралі.

"Давыд-гарадоцкія каноны" Георгія Марчука ўяўляюць сабой невялікія ліра-эпічныя навелы са спавядальна-велічным зместам. Яны прысвечаны роднай зямлі пісьменніка, людзям, якія жывуць на ёй. Давыд-гарадок – унікальны куток Беларусі. Ён мае вельмі багатую гісторыю, размяшчаецца ў маляўнічым палескім краі, там, дзе паўнаводная Гарынь зліваецца з прыгажуняй Прыпяццю.[1]

У навелах  выяўляецца шмат афарыстычных выслоўяў філасофскай тэматыкі: вечнасці, жыцця і смерці, веры, сэнсу жыцця, часу, любові, дабра і   зла. Таксама заўважаецца  шмат афарызмаў разнастайнай тэматыкі: маці, сям'і, малой радзімы, сяброўства, прыроды, школы, бытавога жыцця, - якія праз разважанні аўтара ўзнімаюцца да філасофскага ўзроўню.

Аўтар закранае розныя маральна-этычныя, псіхалагічныя і сацыяльныя праблемы, у  пошуках  вырашэння якіх чалавек звычайна звяртаецца да аўтарытэтаў, адным з якіх з'яўляецца народ.

Што такое каноны? Гэта правілы для кіраўніцтва ў царкоўным жыцці хрысціян, якія ўстаноўлены апосталамі, айцамі царквы і ўсяленскімі саборамі на аснове Евангельскага вучэння. "Давыд-гарадоцкія каноны" Г. Марчука найперш правілы духоўнага, свецкага, маральна-этычнага жыцця гарадчукоў, іх унутранае крэда, сістэма паводзінаў і ўзаемаадносінаў у грамадстве, стаўленне да навакольнага свету.[2]

Тэкст кожнай з навел насычаны афарыстычнымі выслоўямі, якія адлюстроўваюць  філасофскія тэмы і маральна-этычныя праблемы. Назвы падаюць вобразы-сімвалы, якія ў плыні аповеду напаўняюцца сакральным сэнсам: маці, хата, вуліца, рака Гарынь, агарод, школа, вецер, базар, час.

Першым сярод дзесяці твораў ідзе "Канон Богу". У ім сцвярджаецца, што ў Бога " вераць і старыя, і малыя. Без божага блаславення і крыжа не выбіраюцца ў далёкую дарогу, не пачынаюць ніякую справу, не сядаюць да стала". Аўтар заўважае: " У святочныя дні людзі дабрэюць". Час ад часу многія абураюцца жыццёвай несправядлівасці: " А дзе той Бог? Усё няроўна дзеліць. Добры, чэсны памірае, а паразіт жыве". Жыццёвыя клопаты забіраюць увагу людзей, і тыя " толькі ў старасці больш згадваюць пра пекла",  а ў апошнія хвіліны на зямлі просяць: " Божа, не пакінь дзяцей і ўнукаў... без сваёй ласкі і апекі". Гарадчукі, па назіранні пісьменніка, прытрымліваюцца правіла: "лепш быць далёкім... сваяком Бога, чым найбліжэйшым суседам чорта". Аднак жане асуджаюць, а шкадуюць "тых, хто не верыць у Бога, а замяняе веру ва Усемагутнага верай  у сілы прыроды",  "не прынята спрачацца пра існасць Бога". Галоўным  абярэгам   лічацца "нацельны крыжык і іконка - самыя дарагія святыні, якія ахоўваюць і цела, і душу". З Божым імем звязваюць існаванне на роднай зямлі: "Бог мяне сюды прывёў, тут жыць і буду". "Гарадчукі вельмі ж адданы свайму мястэчку". Завяршаючы навелу, аўтар піша: "Няма такога чалавека на зямлі, якому Бог яшчэ не дапамог".  

Нельга ўявіць Давыд-гарадок без ракі Гарынь. Другая навела прысвечана  ёй. "Канон Гарыні" з'яўляецца  не толькі апісаннем ракі, але і своеасаблівым прызнаннем у любові да гэтай прыгажуні. Аўтар, як і яго землякі, успрымае раку як жывую істоту: "Рака першай і выхоўвае, загартоўвае характар чалавека", "Рака не чалавек, яна злой не бывае", "Ракой не грэбуюць, яе не абагаўляюць, а ставяцца да яе паважна, як да старэйшай сястры", "Спачуваюць гаспадару дома, які стаіць над ракой: жыві і заўсёды думай, каб вада не знесла", "Рака мае свой нораў, паказуху, дурноту не даруе", "Ціха прымае дары рака", "Ніхто з людзей не помніць, а рака памятае", "Рака ... без лодкі як гарод без кветак", "На рацэ благадаць жыцця больш адчувальная", "Бяжыць рака, шуміць вада, не пачакае, забярэ і знясе і  твае гады". З вобразам ракі звязаны вобразы з'яў прыроды і стыхій: "Вада, як і агонь, сваёй зменлівасцю падштурхоўвае да разваг", "... ад вады вачэй не адарваць", "У векавой барацьбе вады і сушы найчасцей перамагае вада".  Адносіны паміж людзьмі таксама звязаны з ракой: "Рыбак сям'ю не пракорміць, ...аднак гарадчукі здзекаў над рыбакамі не дазваляюць сабе ".

Аўтар з пяшчотай, сыноўняй любоўю і гонарам сцвярджае: "А ў вас такой прыгожай ракі няма, як у нас... Гарынь мая, Гарынь".

Георгій Марчук падкрэслівае адметнасці ў стаўленні землякоў да простых з'яў і прадметаў як да святынь, з асаблівай пашанай і падае словы-сімвалы з вялікай літары, надаючы ім сэнсавую важкасць, вызначальнасць у жыццёвым лёсе чалавека. Гэта вобразы-сімвалы Хаты, Вуліцы, Агарода, Школы, Ветру, Базару, Часу.

У навеле "Канон Хаце" пісьменнік паказвае нам, наколькі важным месцам у жыцці чалавека і народа з'яўляецца хата: "У ёй карэнні, пачатак культуры, гаспадарлівасці, густу, чысціні, чалавечага цяпла...", з якой увагай і пяшчотай людзі ставяцца да месца, у якім жывуць:" Хату даглядаюць, як нявесту", "О, хата, любая хата, маленькі Ноеў каўчэг, калыска", "Па хаце, якая згарэла, плачуць як па чалавеку". З хатай звязаны пэўныя правілы паводзін: "На бягу ў  хаце не п'юць і не ядуць. Толькі за сталом і толькі, каб усе селі". Яна ж становіцца за перыяд шматгадовага існавання розных пакаленняў роду і сведкам смерці: "Нішто так не калечыць хату, як смерць гаспадароў ",  "У жалобныя дні даюць нябожчыку пераначаваць...", "На сцены партрэтаў памерлых не прынята вешаць", "Фатаграфіі нябожчыка ў труне хаваюць ад дзяцей...", "Кажуць, калі памрэ гаспадар, то комін пакосіцца налева, а калі гаспадыня - на правы бок".  Тэрыторыя двара таксама гарманічна ўпісваецца ў касмічна-філасофскае  паняцце "Хата": "Яблыкі і вішні пільнуюць вокны", "Там, дзе засталіся ў хаце ўдава ці ўдавец, розы пад вокнамі, што на вуліцу, не садзяць". Адзначаецца існаванне асаблівай энергетыкі ў традыцыях,  веры і паводзінах людзей у хаце: "Ліпаю ў печы не паляць. Душа ліпы ў агні плача",  "Хата не любіць цішыні", "У хату, у якой на покуці абразы Хрыста, Божай Маці, Міколы Угодніка, маланка не ўдарыць". На цесную сувязь і пераемнасць пакаленняў указваюць выразы: "Няхай ідзе на свой хлеб, а да бацькоў ходзіць на булкі", "Радуйся, калі засталася бацькоўская хата і ёсць куды вяртацца".

"Канон Вуліцы" адразу пачынаецца з афарызма: "У стуку па шкле акна ёсць свая музыка". Стукам у шыбу звычайна дзеці выклікаюць адзін аднаго на двор гуляць. Тэма дзяцінства ў гэтым творы асноўная. З успамінаў аўтара ўзнікаюць розныя карціны: "На сваёй вуліцы сваіх аднагодкаў не б'юць і не крыўдзяць. На іншых вуліцах ці каля клуба - там і пабіцца можна, а тут братэрства", "Вулічныя мянушкі ніякімі ганаровымі званнямі і высокімі пасадамі  не вытравіць", "Гудзе ўся вуліца двойчы: калі на ёй вяселле і калі провады ў войска", "Невымоўна шанцуе той вуліцы, па якой не ездзяць машыны", "Гукай маці, не гукай, а пакуль не закончацца танцы - не чакай",  "Дома трэба рабіць, а на вуліцы - воля", "Падлеткам хутка ўсё прыядаецца". Маральна-этычная тэматыка раскрываецца ў наступных выразах: "Кралі да нас, мы кралі і яны крадуць", "Тое, што за плотам, на вуліцы, тое - нічыё". Тэма адносін паміж людзьмі ярка гучыць у афарызмах: "Злосць і крыўда доўга не праходзяць", "Няма сілы, каб прыпыніць задушэўныя размовы", "Даруйце адзін аднаму дробныя грахі, каб яны не перараслі ў вялікія, недаравальныя". Страх перад смерцю адчуваецца ў думках дарослых: "Ой, каб вайны не было", "Так не хочацца развітвацца з пражытым днём". Вуліца -  сімвал малой радзімы: "Свая вуліца, самая свая, самая родная", "Родны кут у кожнага свой, для гарадчукоў ён - родная вуліца".

"Адгарадзіся ад жывёл, людзей плотам вакол хаты, дык і будзе агарод" - так пачынаецца "Канон Агароду". Тэмы жанчыны і прыгажосці спалучаюцца ў адно цэлае: "Тысяча жанчын... твораць з агарода дасканалыя палотны, нібы ткуць з жывых кветак дываны", "Баішся пахваліць якуюсь кветачку, каб, не дай бог, не пакрыўдзіць іншую", "Такая прыгажосць, а на сэрцы вечны неспакой", "Нават кветку, якую пабіў град, падвязваюць, даюць яшчэ пажыць", "Глядзіш на кветкі, і абавязкова прыгадваюцца дзеці, вяселле і пацалункі", "Няхай дзіцятка з маленства да жывых кветак прывыкае",       "Гарадчук не танцуе гожа, калі адзежа непрыгожа", "Пашлі, Госпадзі, дождык, каб у агародзе кветкі не згарэлі", "Узімку ўсім хочацца адпачыць ад гарода... і сумуюць без кветак". У навеле чырвонай ніткай праходзіць тэма працы: "У гарод ходзяць штодня, пакуль носяць ногі і слухаюцца рукі", "На гародзе працу вытрымліваюць тыя, хто не баіцца адзіноты. Хто яе баіцца, ідзе працаваць у магазін, у школу". Сэнс жыцця жанчыны - у сям'і, дзецях і  гаспадарцы: "Даглядай чалавека [мужа], дзяцей і хату з гародам", "Агарод - удзел жанчын, іх крыж і радасць. Жанкі ўстаюць першымі і кладуцца спаць апошнімі". Урокі жыццёвай мудрасці даюцца ў выказваннях: "Не чапай уладу, пакуль улада не зачапіла цябе", "З гарода красак нябожчыку на труну не рвуць", "Бог паслаў і час, і месца, і лёс".

Аптымістычным і адначасова сумным настроем прасякнуты "Канон Школе". Радасць адчуваецца ў карцінах  школьнага жыцця: "Дзеці ўсюды аднолькавыя: цікаўныя, гарэзлівыя, непаслухмяныя і добрыя. Цікаўнасць пераходзіць у веды, рухавасць у самадысцыпліну, непаслухмянасць у годнасць", "Бацькам спакайней, калі дзеці ў школе", "Першая работа, хоць і грошай не плацяць", "Ніхто за вушы ў выдатнікі не цягне. Здольныя ад прыроды да навукі ў пяцёрачнікі выб'юцца самі", "Трыццаць-пяцьдзясят хат пакуль з віншаваннем абыдзеш,... натомішся, як трактарыст на ворыве". Сум адчуваецца ва ўспамінах пра незваротнасць часу: "Ад  званка да выпускнога адзін крок", "Нішто так яе [школу] не зневажае, як адсутнасць званкоў і дзіцячых галасоў", "Не шукайце сабе новых сяброў, лепшых за школьных, іх ўсё адно не будзе". Пісьменнік падае цікавыя назіранні і думкі пра сэнс адукацыі і ролю школы ў жыцці чалавека: "Вуліца выяўляе таленты, школа садзейнічае іх развіццю", "У школе... свабода  падпарадкоўваецца дысцыпліне і абавязкам", "Веды палягчаюць жыццё", "У школе ўвесь час круцішся вакол прывычкі да працы і вакол стрыжня прыстойнасці. Паміж сабой царква і школа тут не спрачаюцца", "Дрэва расце, каб яго спілілі", "Школа навучыла трохі ўсіх быць людзьмі, бо навучыць адразу на ўсё жыццё немажліва". У навеле паказана сувязь чалавека, прыроды і Бога: "Бог з асаблівай увагай беражэ тую школу, у паддашшы якой гняздуюцца ластаўкі", " У каго душа яшчэ не зусім прачнулася, таму лягчэй" [у выпрабаванні адзінотай]. У пажаданнях настаўнікаў гучыць мудрая парада: "Навучыцеся бачыць прыгажосць і цаніць яе. Любіце Радзіму, упрыгожвайце яе сваімі талентамі".

Дзіўная стыхія прыроды - вецер. Ёй прысвечаны "Канон Ветру".  У навеле падаюцца ўспаміны пра маладосць: "Дзякуючы ветру, прытуліцца да цябе і дзяўчына-аднакласніца, якая табе даўно падабаецца", "Побач першае каханне, і кроплі дажджу на тварах толькі ў радасць", "Вымаўленае з асаблівым  хваляваннем "да заўтра" добра чутна і лёгка нясецца ветрам да твару каханай", "Хораша ехаць у сонечны, цёплы дзень у кузаве на адктрытай машыне", "Вецер "раскручвае" тваю прагу кахання, весялосці жыцця", "Так хочацца, каб і тваю кашулю ён напоўніў і ператварыў яе ў ветразь". Вецер - сімвал руху, свабоды, энергіі: "На Вялікі дзень вецер не толькі адчуваеш, але і бачыш", "О, вястун волі, якія ж прыемныя, гаючыя твае хвалі! Якая асалода твая музыка!", "Імклівы вецер бязгучны", "Руплівец, паплечнік усялякага руху, ён не дазваляе, каб нам што-небудзь надакучыла, ён ўсё па-свойму змяняе, змяняе свет вакол нас". Аўтар падкрэслівае цесную сувязь прыроды з душэўнымі перажываннямі чалавека: "Слабы чалавек, слабы", "Ветру доўга буяніць не хапае сілы", "Ранняй вясной ён амаль ніколі не бывае моцным", "Ён добры і цёплы", "Гоіць раззлаваную адчаем і няўдачамі душу", "У гэтую пару нізкага неба і частых дажджоў сум ахутвае тваю душу і тужлівыя думкі аб "непазбежнасці смерці" не даюць спакою", "Музыка [ветру] абавязкова абудзіць у тваёй душы не толькі ўспамін, але і надзею на тое, што не ўсё лепшае ў мінулым, што і ты жывеш недарма".

У "Каноне Базару"  раскрываецца яшчэ адна адметнасць жыццёвага ўкладу гарадчукоў.  Базар - гэта цэлы свет, які па выпрацаваных вякамі традыцыях, яшчэ, напэўна, з часоў народных вечаў, ствараецца ўсімі жыхарамі гарадка.[3] Асабліва ярка пісьменнік малюе карціны бытавога жыцця землякоў: "Будзённых базараў тут не бывае, усе святочныя", "Ён для ўсіх такі знаёмы, але заўсёды асаблівы, новы і з сюрпрызам", "Старыя... ідуць, каб падтрымаць завядзёнку-традыцыю", "Не ходзяць на базар толькі хворыя", "У кожнага свой сад, але ж чужыя [яблыкі] -  смачней", "На базары не прадаюць хіба што толькі... павукоў", "Народ жыве цяжка тады, калі на капейку ці на рубель нічога нельга купіць", "Няма такой моды - хадзіць па базары і курыць". У навеле гучыць тэма адносін паміж людзьмі: "Жыць без людзей кепска,  з людзьмі нудна, а на базары ўсім добра",  "Каб свайму дзіцяці ды не купіці. Такога не бывае", "Адзін перад адным... не наракаюць на цяжкае жыццё", "На ім няма героя, усе героі", "Няпісаны закон такі: хоць на пяць капеек, а купі". А ў выніку аўтар сцвярджае: "Хораша на базары, хораша".

Само паняцце "час" філасофскае. У разважаннях на гэтую тэму ў "Каноне Часу" Г. Марчук вызначаецца  са сваімі прыхільнасцямі і непрыняццем розных негатыўных з'яў. У меркаваннях пісьменніка фігуруюць дзве катэгорыі - "я люблю" і "я не люблю".  Уступам да аповеду з'яўляюцца тэзісы: "Хто і куды хавае ад нас Час, хавае надоўга, калі не назаўсёды?", "Не лезь папярод бацькі ў пекла. Прыйдзе час, і ты сам уцямніш, што ты любіш і што не любіш". Пасля асабістых назіранняў і канкрэтных прыкладаў аўтар працягвае разважаць: " Як не любіць узыход сонца ці лістапад? Добра, нават лёгка адказваць на такое пытанне, калі дзень пражыты ў адпаведнасці з жаданнямі і святочна. Аднак жа заўтра непрадказальна новы дзень...", "Не выключана, што з прычыны абавязацельстваў і выбару давядзецца рабіць і нешта, нямілае сэрцу, а як зробіш, дык будзеш яшчэ больш цаніць тое, чым поўніцца душа і з чаго складаецца кароткае імгненне штодзённага шчасця". Апісваючы карціны прыроды ў розныя поры года, успамінаючы з сумам памерлых родзічаў, мастак паўтарае: "Усё добра..."

"Канон Маці" завяршае  нізку "Давыд-гарадоцкіх канонаў".  Гэта лірычны маналог пісьменніка да сваёй маці[4]: "Мама,  не было і дня, каб я не ўспамінаў цябе".

Успамінае Г. Марчук і горкі папрок: "Не прыдумляй, сынок, кажы праўду". А ён "прыдумляў" і стаў пісьменнікам. З вобразам маці звязаны і вобразы Бога, радзімы і дзіцячыя ўспаміны: "Словы "так" і "не" належаць Богу, і чалавеку мусіць выкарыстоўваць іх вельмі асцярожна", "На Радаўніцу, Пакровы нехта абавязкова прыйдзе, пакладзе на магілку чырвоныя яйкі, пасху, чарачку, свечачку, кветачку", "Колькі радасці будзе ад сціплых гукаў гармоніка", "Як гэта прыемна - быць сярод таго, што і ўтварыла характар, паўплывала на пачуцці і замацавала адметнае", "У родным мястэчку ціша не будзе палохаць, а лашчыць раўнавагай і спакоем", "У паўсілы пеўчыя не спяваюць". Наведванне родных мясцін выклікае роздумы пра сэнс жыцця, яго хуткаплыннасць і непазбежнасць смерці: "Як хораша! Усё побач. Усё тваё. Роднае. Вечна зменлівае і пастаяннае ў нязменнасці", "Паміраць не хачу!", "На зямлі столькі добрага, харошага, столькі любові разліта, што не паспяваеш наталіць душу і напалову. Прызнавайся ўсяму жывому ў каханні, бо ў старасці на гэта не хопіць часу".

У асабістай размове Г. В. Марчук выказаў думку, што "патрыятызм - гэта ўпрыгожванне  Радзімы. Упрыгожвай Радзіму талентамі і справамі - і ты патрыёт!" Аўтар невыпадкова назваў свой цыкл "Давыд-гарадоцкія каноны", бо "ў грэчаскай мове адно са значэнняў канона - гэта дыялог хору і саліста: хор - гэта Давыд-Гарадок, а салістам з’яўляюся я". Г. В. Марчук надзяліў вобразы навел сакральным сэнсам, узняў іх да ўзроўню святынь і паясніў гэта так: "Я чалавек праваслаўны, веруючы. Мама мая ў царкоўным хоры спявала. Пісьменнік - гэта той жа святар, ён таксама супакойвае, пропаведзь робіць. Безумоўна, я пісаў так, каб прыўзняцца над бытам. Быт - гэта таксама добра, але  хацелася трошкі прыўзняцца. Кожная навела нясе сваю капсулу, свой атам, дзе часовае злучана з касмічным, вечным". Чаму нізка навел пачынаецца канонам Богу, а заканчваецца канонам Маці, пісьменнік растлумачыў: "Напрошваецца само пытанне: адкуль мы прыйшлі? Ніхто не ведае. Мы - біямаса. Хто гэта прыдумаў? Хто сочыць, хто кіруе? Тайна чалавека  неспазнаваема. Натуральна, я, як веруючы чалавек, пачаў з Бога. Вось ён, Бог, вось чалавек, вось месца на зямлі. Ты павінен быць удзячным Богу за тое, які ты, што ў цябе ёсць. Бог - стваральнік... А маці - святое. Для меня гэта вельмі кранальна. Для мяне мама - сімвал і зорка, якая пастаянна бласлаўляе мяне раніцай. Мама, Бог, сям'я і Радзіма - аснова ўсяго".

"Давыд-гарадоцкія каноны" ўвабралі ў сябе тое, чаму празаік навучыўся ад "прадзедаў спакон вякоў" (Я. Купала), на чым гадаваўся, што складае сутнасць яго маральна-этычных каштоўнасцяў, прынцыпаў і нормаў паводзінаў, якімі ён кіруецца ў паўсядзённай хуткаплыннай рэчаіснасці. Гарадчукі людзі сур’ёзныя, філосафы, паэты, патрыёты. У іх нямала і дзівацтваў, але бяскрыўдных, якія толькі лепш раскрываюць багацце натуры беларусаў. "Давыд-гарадоцкія каноны" Георгія Марчука гомацэнтрычныя, гэта значыць, у іх цэнтры стаіць чалавек, мудры, дасведчаны, глыбокі. У тэкстах выяўляецца Асоба аўтара, бо, каб павучаць іншых, трэба і самому быць цікавым чалавекам. [5]

Твор Георгія Марчука закранае вечныя тэмы, вучыць бачыць у малым вялікае, канцэнтруе ўвагу на простых з'явах і рэчах, якія ўзнімаюцца да ўзроўню сакральных каштоўнасцяў. У час панавання ў грамадстве розных амаральных з'яў назіранні і вывады  мастака слова набываюць асаблівую значнасць.

СПІС ЛІТАРАТУРЫ

 

  1. Беларуская літаратура : вучэб. дапам. для 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / З. П. Мельнікава [ і інш.]; пад рэд. З. П. Мельнікавай, Г. М. Ішчанкі. - Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2009. - 304с.
  2. Беларускія пісьменнікі ( 1917 - 1990 ): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі; Нав. рэд. А. Л. Верабей. - Мн.: Маст. літ., 1994. - 653с, іл.
  3. Марчук  Г. В. Чужое багацце: для сярэд. і ст. шк. узросту / Георгій Марчук; уклад. З. Падліпская, В. Шніп. - Мінск: Маст. літ., 2012. - 334 с. - (Школьная бібліятэка).
  4. Навумовіч У.  Гімн землякам - "Давыд-гарадоцкія каноны" Г.Марчука. - Роднае слова, 2013 / 1
  5. Радзівончык Н. Сучаснае і адвечнае ў творчасці Георгія Марчука. - Роднае слова, 2016 / 2
  6. Скікевіч А. А., Шчур  У. С. Тэрміналагічна-тлумачальны слоўнік па філасофіі: дапаможнік для выкладчыкаў, студэнтаў і аспірантаў. - Мінск: Беларуская навука, 1996. - 96с.
  7. Ялынцава І. У. Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў для школьнікаў: даведачнае выданне. - Мінск: Беларуская асацыяцыя "Конкурс", 2012. - 143с. 

[1]Беларуская літаратура : вучэб. дапам. для 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / З. П. Мельнікава [ і інш.]; пад рэд. З. П. Мельнікавай, Г. М. Ішчанкі. - Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2009. - с. 175

 

[2] Навумовіч У.  Гімн землякам - "Давыд-гарадоцкія каноны" Г.Марчука. - Роднае слова, 2013 / 1. - с. 19

 

[3]  Беларуская літаратура : вучэб. дапам. для 11-га кл. агульнаарукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / З. П. Мельнікава [ і інш.]; пад рэд. З. П. Мельнікавай, Г. М. Ішчанкі. - Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2009. - с. 179

 

[4]Беларуская літаратура : вучэб. дапам. для 11-га кл. агульнаарукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / З. П. Мельнікава [ і інш.]; пад рэд. З. П. Мельнікавай, Г. М. Ішчанкі. - Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2009. - с. 180

[5] Навумовіч У.  Гімн землякам - "Давыд-гарадоцкія каноны" Г.Марчука. - Роднае слова, 2013 / 1. – с. 20

 

 

Меню раздела