РусскийБеларускiEnglish

 

 

Главная | Календарь записей | Архив записей | Гостевая книга | Сервисы

 

Контакты | Настаўнікі МА | Нарматыўна-прававыя дакументы | Для вучняў | Метадычная капілка | Кабінеты МА | Беларусы свету | Сям'я

 

 

Праца настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па павышэнні якасці адукацыі вучняў

 

         Наша метадычнае аб'яднанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры працуе адной камандай ужо даволі шмат гадоў. Не першы год мы працуем па тэме самаадукацыі "Выхаванне любові да Радзімы праз вывучэнне нацыянальных традыцый". Настаўнікам беларускай мовы дадзеная тэма блізкая, таму што прадугледжвае, акрамя вырашэння адукацыйных задач, уплыў на фарміраванне густу, унутранай культуры і грамадзянскай свядомасці вучняў.

         Я ўпэўнена, што праца любога настаўніка сёння павінна асэнсоўвацца як альтэрнатыва таму, што так смела спрабуе ўсталявацца ў грамадстве, - усяму бездухоўнаму, безгустоўнаму, бяздушнаму. Настаўніку-філолагу ў межах сваёй дзейнасці даводзіцца змагацца і са зневажальнай лексікай, і з беднасцю рэдукаванай мовы. і з недасведчанасцю ў галіне гісторыі культуры. Асноўны спосаб, які дапамагае нам паўстаць насустрач разбуральнай для юных асоб стыхіі, - гэта будова ўрокаў, пазакласных мерапрыемстваў, планаванне навукова-даследчай працы дакладна, змястоўна па выбранай тэме, не кідаючыся на многае, а засяроджваць увагу на канкрэтным, што пакіне сапраўды яркі след у душы дзіцяці ці падлетка, закране, узбагаціць, узрушыць, пераключыць на працу душы.

         Настаўнікамі нашага метадычнага аб'яднання сабраны багаты дыдактычны матэрыял, які адпавядае прынцыпу пабудовы ўрока на тэксце, на шчасце, высокамастацкія творы класікаў і многіх сучаснікаў дазваляюць гэта зрабіць.

         У рамках пазакласнай працы настаўнікі беларускай мовы і літаратуры праводзяць цікавыя мерапрыемствы для школьнікаў розных паралеляў, і пры гэтым стараюцца аб'яднаць гэтыя мерапрыемствы ў тыдні роднай мовы і літаратуры. Я думаю, са мной будуць згодныя калегі іншых метадычных аб'яднанняў, што, хоць сучасныя дасягненні навукі і тэхнікі даюць настаўніку - арганізатару працы па сваім прадмеце - шыкоўны набор сродкаў увасаблення задуманага - вадкакрышталёвыя экраны, мультымедыясістэмы, сканеры, каляровыя прынтары, ксераксы, інтэрактыўныя дошкі. Але сёння большасць названых сродкаў ёсць у нашых вучняў дома, таму, калі да ўрока можна рыхтавацца дома, то на падрыхтоўку пазакласнага мерапрыемства сабраць каманду навучэнцаў у іх вольны час з'яўляецца даволі складанай задачай. І ўсё ж настаўнікі знаходзяць магчымасць зацікавіць сваіх выхаванцаў рознымі формамі падрыхтоўкамі, спосабамі ўдзелу ў мерапрыемстах, перспектывай стымулюючай падтрымкі.  Так, на працягу некалькіх год намаганнямі настаўнікаў і вучняў былі праведзены тыдні, прысвечаныя класікам нашай літаратуры, і ў іх рамках - адпаведныя мерапрыемствы: конкурсы, гульні, літаратурна-музычныя кампазіцыі.

         Шмат увагі, часу і сілы аддаюць настаўнікі навукова-даследчай працы з вучнямі. Зразумела, што вынікам такой працы кожны год павінна стаць выступленнена вучнёўскай навукова-практычнай канферэнцыі. Падрыхтоўка ў нас пачынаецца з выбару тэмы, якая з'яўляецца найбольш цікавай для настаўнікаў і вучняў, з абмеркавання гэтай тэмы на пасяджэнні метадычнага аб'яднання і, безумоўна, планавання далейшай дзейнасці. Аб'якавым да працы творчай групы не застаецца ніхто з калег. Напрыклад, адзін настаўнік арганізоўвае сустрэчы з навукоўцамі і мастакамі слова, другі складае тэматычныя нататкі, нехта займаецца тэхнічным бокам падрыхтоўкі.

         Вынікам нашай працы з'яўляюцца добрыя, грунтоўныя работы - пераможцы раённых этапаў навукова-практычных канферэнцый, удзельнікі і ў большасці сваёй дыпламанты гарадскіх. Так, плённыя вынікі атрымаліся падчас працы над тэмамі:

- "Інкрустацыя часам (з гісторыі тапонімаў Ленінскага раёна)", настаўнік Н.А.Марук. 1-е месца на раённым этапе навукова-практычнай канферэнцыі, дыплом на гарадскім. Праца была апублікавана ў рубрыцы "Вучнёўскае даследаванне" ў "Краязнаўчай газеце";

- "...І знайду я патрэбныя словы" (назвы твораў на тэму кахання ў беларускай літаратуры 2-й паловы ХХ стагоддзя), настаўнік Т.В.Карпечына. 2-е месца на раённым этапе навукова-практычнай канферэнцыі, дыплом на гарадскім.

- "Душа ніколі тут не заняволіцца:Вобраз вёскі ў сучаснай беларускай літаратуры", настаўнік Н.У.Адамовіч. 1-е месца на раённым этапе навукова-практычнай канферэнцыі, дыплом на гарадскім. 

- "Не парасло мінулае быллём: Адлюстраванне працоўнай дзейнасці народа ў геаграфічных назвах роднага краю", настаўнік А.В.Яніева. 2-е месца на раённым этапе навукова-практычнай канферэнцыі, дыплом на гарадскім. 

- "Трымаецца наш край на апантаных": Роля роду князёў Радзівілаў у развіцці беларускай культуры, настаўнік Н.Г.Ярашэўская. 2-е месца на раённым этапе навукова-практычнай канферэнцыі, дыплом на гарадскім. 

- "Чароўная дама ці рыцар у спадніцы?": Вобраз жанчыны ў паэзіі і прозе Людмілы Рублеўскай", настаўнік Н.У.Адамовіч. 2-е месца на раённым этапе навукова-практычнай канферэнцыі.

         Вялікае значэнне для поспеху мае ўзаемападтрымка і ўзаемадапамога.

         Настаўнікі нашага метадычнага аб'яднання ўдзельнічаюць у інтэрнэт-праектах, з'яўляюцца дыпламантамі за добрыя работы.

         У мінулым навучальным годзе ў нашай школе быў запушчаны праект "Укараненне методыкі арганізацыі вучэбна-даследчай дзейнасці ва ўмовах функцыяніравання рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій (Мне сняцца сны аб Беларусі..." Даследаванне этнакультурных традыцый беларусаў свету). Два педагогі нашага метадычнага аб'яднання з'яўляюцца ўдзельнікамі гэтага праекта, у рамках якога арганізуецца даследчая праца вучняў, і самі настаўнікі знаходзяцца ў пастаянным пошуку. Паколькі праца прадугледжвае даследаванне традыцый беларусаў свету, практычна арганізоўваюцца сустрэчы з беларусамі, якія жывуць за мяжой, але бываюць на Радзіме - у нашай краіне. Прыемна, што нашымі гасцямі становяцца людзі, якія не проста пераехалі ў замежжа, але і там прытрымліваюцца беларускай культуры. Напрыклад, мы даведаліся, што ў Эстоніі ёсць школка імя Уладзіміра Караткевіча, а ў Англіі беларус выкладае еўрапейскае права.

         У настаўнікаў нашага метадычнага аб'яднання ёсць цудоўныя магчымасці не толькі здабыць добры матэрыял для працы, але і пазнаёміць нашых вучняў з вядомымі носьбітамі роднага слова і захавальнікамі беларускай культуры. Перш чым атрымаецца добрая работа, неабходна не толькі прайсці ўсе этапы - дыягнастычны, прагнастычны, арганізацыйны, але і пацвердзіць правільнасць меркаванняў, значнасць вывадаў практычна. Таму нашы вучні з'яўляюцца частымі гасцямі ў сучасных мастакоў слова, а паэты і празаікі бываюць у нашай школе. Гэта вельмі дапамагае ў сумеснай працы настаўнікаў і вучняў. У сваю чаргу праца над навуковым даследаваннем фарміруе ў выхаванцаў шырыню кругагляду, уменне бачыць праблему, сістэмнасць, лагічнасць мыслення, што спатрэбіцца ім не толькі ў далейшай вучэбнай і прафесійнай дзейнасці, але і ў зносінах, побыце і ўвогуле ў жыцці.

        

 

 

 

Меню раздела